25 студзеня адбылася выстаука дыдактычных гульняу
Выкарыстанне дыдактычных гульняў пры навучанні маўленню ў дашкольным узросце з’яўляецца актуальным у сувязі з тым, што гульня выступае простым і зразумелым для дзіцяці сродкам спасціжэння рэчаіснасці, натуральным і даступным шляхам авалодвання тымі ці іншымі ведамі, уменнямі, навыкамі.
Дыдактычныя гульні па сваіх зместавых магчымасцях настолькі полісемантычныя, што з іх дапамогаю можна вырашаць адначасова некалькі важных задач у навучанні, развіцці і выхаванні старэйшых дашкольнікаў. Такімі гульнямі можна назваць гульні з сюжэтам, гульні якія патрабуюць разыгрывання роляў. Так, у гульні “Магазін цацак” па сюжэце неабходныя прадавец і пакупнікі. Значную цікавасць у фарміраванні і развіцці камунікатыўных навыкаў дашкольнікаў, пашырэнні іх актыўнага слоўнікавага запасу ўяўляюць сабою гульні-інсцэніроўкі - паказ з дапамогаю цацак невялікіх сцэнак, у якіх перад дзецьмі ставяцца такія дыдактычныя задачы як здагадацца, з якой казкі паказаны эпізод, расказаць працяг казкі, расказаць пра змены, якія адбыліся на сцэне і г.д. Некаторыя з гульняў такога тыпу ставяць перад удзельнікамі задачы найперш этычнага плану. Так, у гульні “Што такое добра і што такое дрэнна” адной частцы ўдзельнікаў гульні неабходна паказваць сцэнкі з мастацкіх твораў або з жыцця, а астатнім трэба даць этычную ацэнку, вызначыць, якія персанажы робяць добра, а якія дрэнна.
Такім чынам, у гульні адбываецца не толькі актыўнае ўдасканаленне навыкаў этычных паводзінаў, але і разнапланавае вядзенне работы па развіццю маўленя старэйшых дашкольнікаў.
У задачы слоўнікавай працы таксама ўваходзіць навучанне дзяцей адрозніваць падобныя прадметы па істотных прыкметах адрознівання і дакладна абазначаць гэта словам: напрыклад, у стула – спінка у адрозненні ад табурэта, у чашкі – ручка у адрозненні ад стакана і г.д. Такога тыпу адрозненні дзеці знаходзяць у гульнях “Што змянілася”, “Назаві і не памыліся” і іншыя.
На пытям годзе жыцця праграмаю прадугледжваецца ўвядзенне ў актыўны слоўнік назваў усіх прадметаў (прадметаў, якія ўваходзяць у групы агародніны, садавіны, прадуктаў харчавання, усіх прадметаў побыту), матэрыялаў (тканіна, папера, драўніна, шкло) і г.д., а таксама словаў, якія азначаюць асаблівасці прадметаў і матэрыялаў, якія знаёмыя па асабітстаму досведу і могуць быць даследаваныя сэнсорна. Пад кіраўніцтвам педагога ў дыдактычных гульнях дзеці вучацца групаваць прадметы па адной істотнай прымеце – па прызначэнні. Да канца года яны могуць засвайваць элементарныя паняцці і словы, якія іх азначаюць назвы цацак, прадуктаў харчавання, адзення. Групоўка прадметаў па комплексе істотных прыкметаў (двум-тром) для дзяцей уяўляе яшчэ вялікую складанасць.
У старэйшым дашкольным узросце працягваецца праца па пашырэнні слоўнікавага запасу дзяцей. Галоўная ўвага ўдзяляецца увядзенню ў актыўнае ўжыванне словаў, якія азначаюць дыферэнцаваныя па ступені выражанасці якасці (светла-чырвоны, кіславаты, горка-салёны, больш трывалы, цяжэйшы, менш шчыльны і г.д.).
У слоўнік дзяцей прыходзяць словы, якія азначаюць разнастайныя матэрыялы (метал, пластмаса, шкло, парцэляна і г.д.). працягваецца мэтанакіраваная работа па ўвядзеню элементарных паняццяў з катэгорый інструменты, посуд, агародніна, транспарт, дзікія і хатнія жывёлы, пералётныя птушкі і г.д. Замацаванне атрыманых ведаў адбываецца ў дыдадктычных гульнях “Хто дзе жыве”, “Што з чаго зроблена”, “Знайдзі пару”.
Старэйшых дашкольнікаў эфектыўна вучыць вычляняць па тых ці іншых прыметах са складу паняццяў падгрупы: тканіны шарсцяныя і шаўковыя, посуд кухонны і чайны або металічны і шкляны; транспарт водны, наземны, паветраны і пасажырскі: інструменты металічныя, драўляныя ці садовыя, сталярныя, кравецкія і г.д. Пры ажыццяўленні работы па фармаванні і актывізацыі слоўніка педагогі дзіцячых дашкольных устаноў эфектыўна выкарыстоўваюць такія дыдактычныя гульні як «Цудоўны мяшэчак», «Хто больш убачыць і назаве», «Фарбы», «Што змянілася» і іншыя.