Літаратурная віктарына «Мой родны кут!» для дзяцей сярэдняй групы
Падрыхтаваў:
выхавацель першай квалифiкацыйнай катэгорыi
Шалава Юлiя Сяргеяуна.
Мэта: далучыць дзяцей да святыняў свайго народа – роднай мовы і беларускай нацыянальнай культуры.
Задачы:
- удакладніць веды ў дзяцей беларускіх забаўлянак, народных казак, гульняў;
- развіваць цікавасць дзяцей да беларускай народнай творчасці і роднага краю;
- выхоўваць павагу і любоў да сваёй Радзімы;
Матэрыял: беларускія народныя касцюмы, цудоўны куфэрак з ілюстрацыямі да забаўлянак, чароўная палачка , пялёсткі да выкладання кветкі «Васілёк»;
Папярэдняя праца: завучванне забаўлянак, знаёмства з беларускімі народнымі казкамі, гульнямі;
Афармленне: на цэнтральнай сцяне – Літаратурная віктарына «Мой родны кут!», геніалагічныя дрэвы; сбоку сталы для ўдзельнікаў віктарыны;
Удзельнікі: дзеці сярэдняй группы, бацькі;
Вядучы: выхавацель Шалава Ю. С.
Дзеці ў беларускіх нацыянальных касцюмах заходзяць у залу парамі.
1. Арганізацыйны момант
Выхавацель: - Дзеці, звярніце ўвагу ў нас сёння шмат гасцей. Яны прыйшлі да нас паглядзець, якія мы прыгожыя, вясёлыя, дружныя. Давайце, мы з імі павітаемся. А зараз давайце мы з вамі станем у круг і возьмемся за рукі, бо мы з вамі вялікая і дружная сям'я, а дзіцячы сад – наш дом. І каб наша сям'я была моцнай давайце паціснім ручкі і перададзім цяпло адзін аднаму. Паціснулі? Адчулі цяпло? А цяпер у знак таго, што мы з вамі вясёлыя і сябруем, давайце паглядзім адзін аднаму ў вочкі і усміхнёмся.
Так і беларуская сям'я здаўна была сям'ёй, дзе жылі бацькі і іх дзеці, а таксама бабулі і дзядулі. У гэтай вялікай сям'і дзецям было ўтульна і добра, таму што яны кожны дзень , адчувалі клопат, пяшчоту ад сваіх самых блізкіх і родных людзей. А ці ведаеце вы сваіх прадзедаў, прабабуль? Як зваліся яны? Адкуль пайшоў ваш род? Адкуль пачалася ваша дарога ў жыццё?
2. Асноўная частка
Зараз мы гэта праверым. Вы разам са сваімі бацькамі падрыхтавалі генеалагічнае дрэва сваёй сям'і.( Дзеці расказваюць пра свае сем'і).
Выхавацель: - Я ўпэўнена, што ўсе вы любіце свой родны край. Край, дзе вы нарадзіліся, дзе жывеце, дзе жывуць вашы таты і мамы, бо нездарма сёння вы прыбраліся ў беларускія касцюмы і сталі такія прыгожыя беларусы і беларусачкі. І таму я запрашаю вас на сустрэчу з беларускім фальклорам: казкамі, забаўлянкамі, гульнямі. А дзеля гэтага вам трэба падзяліцца на дзве каманды. У кожнага з вас ёсць бэйджык. Паглядзіце ўважліва на яго і адкажыце ці пазналі вы герояў з беларускіх казак? А зараз займійце вашы месцы за тым сталом, дзе знаходзіцца ілюстрацыя да вашай казкі.
- А цяпер паслухайце правілы, якія неабходна выконваць у час віктарыны.
1. Пытанні трэба слухаць уважліва.
2. За кожны правільны адказ вам будзе давацца пялёстак, з дапамогай якога ў канцы віктарыны ў вас павінна будзе атрымацца вось такая кветка.(паказваю кветку васілек)
Гімнастыка для вачэй
- А зараз мы з вамi падрыхтуем нашы вочкi да работы. Сачыце за кветкай
(паказваю кветку васілек: улева - управа, уверх – уніз, па кругу) – 3р.
- А цяпер пачынаем нашу вiктарыну.
Конкурс « Адкажы па-беларуску»
Выхавацель: - Я зараз па-руску буду называць словы, якія вызначаюць роднасныя адносіны, а вам дзеці, трэба будзе сказаць іх па-беларуску.
- родители – бацькі
- мама – матуля
- отец – бацька
- папа – тата
- бабушка – бабуля
- дедушка – дзядуля
- доченька – дачушка
- сестричка – сястрычка
Выхавацель: - А зараз я задам некалькі пытанняў нашым бацькам . Правільны адказ залічваецца ў пользу каманды, у якой знаходзіцца ваша дзіця.
1.Як называецца пасцелька, у якой калышуць маленькіх дзяцей? ( калыска)
2.Як называецца песенька, якую спявае матуля свайму маленькаму дзіцяці?
( калыханка)
3.Назавіце міфалагічную асобу, што жыла ў беларускай хаце і была сімвалам, які ахоўваў хату, сям'ю ад гора, няшчасця? (дамавік)
4.Як называецца сямейны абрад, калі маладыя людзі жэняцца? ( вяселле)
- Дзякуй вам. Відаць, што родную мову вы любіце, ведаеце.
Конкурс «Раскажы забаўлянку»
Выхавацель: - У мяне ёсць цудоўны куфэрак. А ў ім шмат чаго цікавага.
( Дастае ілюстрацыі да забаўлянак: певень, вожык, бычок, дудачка, мядзведзь, кот). Хто з вас можа расказаць забаўлянку пра гэтага героя?
Дзеці расказваюць забаўлянкі.
Конкурс « Хто больш ведае беларускіх гульняў?»
Выхавацель: - Беларусы з даўніх часоў паважалі сваю мову, культуру. І заўсёды любілі пагуляць у розныя гульні. Зараз мы адзначым, якія гульні нашых продкаў ведаюць удзельнікі нашай віктарыны.( Кожная каманда называе гульню)
- Малайцы. Вы ведаеце шмат беларускіх гульняў. А я прапаную пагуляць у гульню «Шэры кот».
Фiзкультхвілінка. Гульня «Шэры кот»
Апісанне гульні: дзеці выбіраюць ката па лічылцы:
Раз, два, тры, чатыры,
Ката грамаце вучылі:
Не чытаць, не пісаць,
А за мышкамі скакаць.
Мышы становяцца за Катом у калону. Калона рухаецца па пляцоўцы. Паміж катом і мышамі ідзе размова:
- Ёсць мышы ў стозе?
- Ёсць!
- Баяцца ката?
- Не!
- А я, катафей, разганяю ўсіх мышэй!
Мышы разбягаюцца, кот іх ловіць.
Прввілы гульні: дзеці павінны знаходзіцца ў калоне да слоў «…разганю ўсіх мышэй»
Конкурс « Адгадай беларускую казку»
Выхавацель: - Я ведаю, што вы вельмі любіце казкі. Зараз я праверу ці добра вы ведаеце беларускія народныя казкі. Я буду вам чытаць урывак з казкі, а вы павінны будзеце адгадаць як называецца гэта казка.
- Пайшлі ваўкі коз душыць – і цяпер душаць.
Пайшлі козы былінку абгрызаць – і цяпер грызуць.
Стала былінка верабейку калыхаць – і цяпер калыша.
( Былінка і верабей)
- Пайшоў зайка са свайго двара, сеў пад бярозкаю ды плача. Ідзе воўк. Бачыць – зайка плача. – Чаго ты зайка плачаш?- пытае воўк. – Як жа мне зайку не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты: я – з труску-пяску, а яна – з труску-сняжку.
(Зайкава хатка)
- Аднаго разу знайшла курачка каля плота пшанічны каласок. Зарадавалася, засакатала на ўвесь двор:
- Ко-ко-ко! Глядзіце, які цудоўны каласок я знайшла!
( Пшанічны каласок)
- Жылі-былі курачка і пеўнік. Курачка яйкі несла, а пеўнік зярняткі здабываў, курачку частаваў. Выграбе з зямлі зярнятка і кліча курачку:
- Ко-ко-ко, Чубатка, знайшоў зярнятка! ( Курачка і пеўнік)
- - Коце-браце!
Мяне ліска нясе
У высокія горы,
У глыбокія норы,
Па барах, па карчах,
Аж бярэ мяне страх! ( Коцік, пеўнік і лісіца)
3. Заключная частка
Выхавацель: - Вось і закончылася наша віктарына. А цяпер давайце паглядзім, колькі кветак у вас атрымалася.
- Дзеці, вы пазналі гэту кветку? Як яна называецца?
- Правільна. Гэта васілёк. Ён сімвал нашай беларускай зямлі. Нездарма нашу краіну называюць васільковай. Вось бачыце, з дапамогай вашых ведаў, у вас атрымаўся сапраўдны букет. Букет з васількоў. Вы вельмі парадавалі нас, ведаеце шмат казак, забаўлянак, гульняў. Вы стараліся размаўляць на нашай роднай мове.