Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

ДЛЯ ВАС, ПАВАЖАНЫЯ, БАЦЬКI! 21 лютага -дзень роднай мовы

Дата: 25 января 2019 в 22:22, Обновлено 8 декабря 2020 в 22:14
Автор: Плявго Д. Р.

Мая родная мова

Паважаныя бацькі!

Давайце не цурацца роднай мовы,
Успамінаць яе жывыя словы,
Якія мы яшчэ ў маленстве чулі
У песнях-калыханках ад бабулі. 
Ад гэтых слоў на сэрцы пацяплее,
Нібыта цёплым ветрыкам павее, 
Над галавою разбягуцца хмаркі
І справы пойдуць лёгенька і шпарка.
Каб наш народ у свеце паважалі,
Жылі ў дружбе, шчыра працавалі, 
У Ляхавічах, Гродне і Бабруйску
Давайце размаўляць па беларуску.


Прапануем Вам вывучыць разам з дзецьмі беларускія пацешкі і вершы!

Цік-так ходзікі,
Мне чатыры годзікі,
Чуб ільняны, светла-русы,
Тата з мамай — беларусы.

Я дзяўчынка — беларуска,
З васільковымі вачыма,
Хоць малая, але знаю:
Беларусь — мая Радзіма.
                                                                                     Леанід Пранчак

Твар румяненькі,
Белая хустачка,
Я ўжо ведаю
Я — беларусачка.
Алесь Бадак

Блакіт небёс, і белы бусел,
I кветкі ў полі, як абрус,
Мой край завецца Беларуссю
I сам я хлопчык — беларус.
                                                                                        Сяргей Сокалаў-Воюш

Коця і Каця

Плача коця на кухнi,
Ад слёз вочкi папухлi. 
— Што з табою, мой каток,
Забалеў мо жываток?
— Мяў, — сказаў варкоцiк,
— Не балiць жывоцiк. 
У мяне душа баліць
— Як цяпер на свеце жыць?
Як мне жыць у хаце,
Калі хлусіць Каця:
Смятану злізала
— На мяне сказала.

Васіль Вітка

“Ветлівыя словы” 

“Калі ласка”,”дзякуй”,
“Добры дзень”- 
Ветлівыя словы
Чую ад людзей.

Ветлівымі словамі
Буду даражыць, 
З ветлівымі словамі 
Лёгка жыць.

Тадзіяна Кляшторная

Едзе восень

Змоўкла наваколле, 
Лес адгаманіў. 
Едзе восень полем
На рабым кані. 
А за сінім борам — 
Я разгледзеў сам —
Сядзе ў санкі скора 
Белая зіма.

Валянцiн Рабкевiч

Дожджык
Дожджык часты сыпаў, ліў —
Па двары ручай паплыў.
Пабягу хутчэй гуляць
I караблікі пускаць.

Парасон я распрастаў —
Дождж адразу перастаў.
Напужаўся, мабыць, ён,
Як убачыў парасон.

Тадзіяна Кляшторная 

 


           Парады для бацькоў!

  1. Звярніце ўвагу дзіцяці на прыгажосць роднай вёскі.
  2. Падчас паходу раскажыце, што знаходзіцца ў нашай вёсцы. Пагаварыце пра прызначэнне кожнага аб'екта.
  3. Дайце ўяўленне пра працу грамадскіх устаноў. Паназірайце за працай супрацоўнікаў гэтых устаноў, адзначце каштоўнасць іх працы.
  4. Разам з дзіцём прымайце ўдзел у працы па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі дзіцячага саду, свайго двара.
  5. Вучыце дзіця правільна ацэньваць свае ўчынкіі ўчынкі іншых людзей.
  6. Чытайце кнігі пра радзіму, яе герояў, аб традыцыях і культуры свайго народа.
  7. Хваліце дзіця за імкненне падтрымліваць парадак, прыкладныя паводзіны ў грамадскіх месцах.
  8. Пашырайце ўласны кругагляд.


Цікавыя звесткі пра Беларусь


1. Самае старажытнае вядомае паселішча чалавека на тэрыторыі Беларусі мае ўзрост 26 тысяч гадоў! 
2. Беларусь – адна з найбуйнейшых еўрапейскіх краін. 
3. У Беларусі больш за 20 тысяч рэк і ручаін, каля 11 тысяч азёраў!
4. Першай беларускаю святою была Ефрасіння Полацкая, унучка славутага полацкага князя Усяслава Чарадзея. 
5. Першую друкаваную кнігу на тэрыторыі Усходняй Еўропы выдаў у 1517 годзе беларус Францыск Скарына. 
6. Сучасны друкарскі кірылічны шрыфт прыдумаў беларус Галляш Капіевіч у 1700 годзе. Менавіта такімі літарамі цяпер карыстаюцца беларусы, рускія, украінцы, македонцы, балгары, сербы ды іншыя народы, што ўжываюць кірыліцу. 
7. Першая еўрапейская канстытуцыя з'явілася ў 1588 годзе і была напісана па-беларуску - гэта быў Статут Вялікага Княства Літоўскага. 
8. Настасся Алелькавіч (Анастасія Слуцкая) – першая беларуская жанчына-ваяр. Княгіня ўзначаліла войска і абараніла Слуцкае княства ад нападаў татараў у пачатку 16-га стагоддзя. 
9. Першым у свеце шматступянёвую ракету вынайшаў беларус Казімір Семяновіч у 1650 годзе. 
10. Першымі ў свеце прыдумалі фіксаваць пераломы касцей пры дапамозе гіпсу беларускія лекары. Гэта адбылося ў Мінску ў 1812 годзе. 
11. Славутыя ва ўсім свеце самалёты “СУ” называюцца ў гонар беларускага авіяканструктара Паўла Сухога. 
12. Першая ў свеце жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова нарадзілася ў Беларусі.


Паважаныя бацькі! 
Пагуляйце разам з дзецьмі ў беларускія гульні!


Гусі і ліса 


Пры дапамозе лічылкі “Пятро, Пятро, дай вядро. Карове піць, табе вадзіць” дзеці выбіраюць лісу, становяцца ў карагод і гавораць словы , а ліса хаваецца за карагодам.
Белыя гусі ходзяць ля вады.
Белыя гусі не ведаюць бяды.
Крыламі махаюць “Га-га-га”
Песенку спяваюць “Га-га-га”.
Раптам з лесу выйшла хітрая ліса, 
Села ля кусточка – не відаць наса.
На гусей яна глядзела:
Вельмі есці захацела.
Ліса: Надакучыла сядзець мне на гэтым месцы.
Буду зараз вас лавіць, ну а потым есці.
Дзеці ўцякаюць, а ліса хоча да іх дакрануцца. Да каго дакранулася, той выходзіць з гульні.
Гульня паўтараецца 2-3 разы.


Проса


Гульня праводзіцца на пляцоўцы. Колькасць удзельнікаў не менш чым 6 чалавек. Гуляючыя па дамоўленасці выбіраюць “гаспадара” (альбо гаспадыню), становяцца ў шарэнгу і бяруцца за рукі. “Гаспадар” праходзіць уздоўж шарэнгі, спыняецца каля аднаго з ігракоў і пачынае з ім дыялог:
Прыходзь да мяне проса палоць.
Не хачу!
А кашу есці?
Хоць зараз!
Ах ты, гультай! – і бяжыць у любы канец шарэнгі. Адначасова і гультай бяжыць у тым жа напрамку, але за спінамі гуляючых. Хто першы схопіць за руку апошняга ў шарэнзе, той становіцца з ім побач, а ігрок, які застаўся, займае месца “гаспадара”.
Пасля слоў “Ах ты гультай!” гаспадар можа зрабіць некалькі падманлівых рухаў. Пакуль “гаспадар” не пабяжыць, “гультай” не мае права крануцца з месца.


Паважаныя бацькі! Вашы сын ці дачка  будуць рады, калі перад сном Вы праспяваеце ім беларускую калыханку!

Калыханка "Доўгі дзень"
Словы Г.Бураўкіна
Музыка В.Раінчыка

 Доўгі дзень, цёплы дзень,
Адплывае за аблокі.
Сіні цень, соны цень
Адпаўзае ў кут далёкі.
Збеглі зайкі ўсе ў лясы,
Змоўклі птушак галасы,
І буслы ў гняздо схавалі
Свае доўгія насы.
Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай.
Пакрысе на расе
Патухаюць зоркі-сплюшкі,
Гульні ўсе, казкі ўсе
Пахаваны пад падушкі.
Спяць і мышкі,і стрыжы,
Спяць машыны у гаражы,
Ты так сама каля мамы
Ціха-ціхенька ляжы.
Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай.
Баю-бай, баю-бай,
Разам з намі засынай.


Паважаныя бацькі! 
Вашы сын ці дачка  таксама будуць рады, калі перад сном Вы пачытаеце ім беларускую казку!

Для дзяцей 2 - 3 гадоў

Муха-пяюха

Жыла-была муха-пяюха. Мела яна каляску і шэсць камароў. Запрэгла муха-пяюха камароў у каляску ды паехала на пагулянку. Едзе яна дарогаю, едзе шырокаю — бяжыць мышка: 
— Добры дзень, пані! Як паню зваць-велічаць?
— Я муха-пяюха. А ты хто? 
— А я на паліцах скрабатуха.
— Сядай, паедзем разам. 
Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — скача жабка: 
— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?
— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. А ты хто?
— А я па сажалках рагатуха. 
— Сядай, паедзем разам. 
Едуць яны дарогаю, едуць яны шырокаю — сядзіць на галінцы вавёрка:
— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?
— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. А ты хто?
— А я па елках скакуха.
— Сядай, паедзем разам. 
Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — бяжыць заяц:
— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?
— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. Па елках скакуха. А ты хто?
— А я праз дарогу скок.
— Сядай, паедзем разам. Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — ідзе воўк:
— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць? 
— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. Па елках скакуха. Праз дарогу скок. А ты хто?
— А я галодны воўк. Усіх вас паем. 
Пачулі гэта камары, падняліся ўгору і паляцелі разам з каляскай. А галодны воўк паляскаў зубамі і пайшоў далей ні з чым.

Для дзяцей 3 - 4 гадоў

Зайкава хатка

Жылі-былі ў лесе лісічка і зайчык. Прыйшла восень. Холадна стала ў лесе. Надумаліся яны хаткі на зіму пабудаваць. Лісічка збудавала сабе хатку з труску-сняжку, а зайчык з труску-пяску. Перазімавалі яны ў новых хатках. Настала вясна, прыгрэла сонца. Лісіччына хатка растала, а зайкава стаіць як стаяла. Прыйшла лісіца ў зайкаву хатку, выгнала зайку, а сама ў яго хатцы засталася. Пайшоў зайка са свайго двара, сеў пад бярозкаю ды плача. Ідзе воўк. Бачыць — зайка плача.
— Чаго ты, зайка, плачаш? — пытае воўк.
— Як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты: я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне а мае хаткі і сама ў ёй жыць засталася. Дык вось я сяджу ды плачу. 
— Не плач, зайка. Пойдзем, я табе памагу, праганю лісічку з твае хаты. Пайшлі яны. Прыйшлі. Воўк стаў на парозе зайкавай хаткі і крычыць на лісічку: 
— Чаго залезла ў чужую хатку? Злазь, ліса, з печы, а то скіну, паб'ю табе плечы. Не спалохалася лісічка, адказвае ваўку: 
— Ой, воўк, сцеражыся: мой хвост як дубец, — як дам, дык будзе табе канец! Перапалохаўся воўк — ды наўцёкі, і зайку аднаго пакінуў. Сеў зноў зайка над бярозкай ды горка плача. Ідзе праз лес мядзведзь. Бачыць — зайчык сядзіць пад бярозай і плача.
— Чаго, зайка, плачаш? — пытае мядзведзь.
— Як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты. Я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне з мае хаткі і сама там жыць засталася. Дык вось я сяджу ды плачу.

— Не плач, зайка. Пойдзем, я табе памагу, праганю лісічку з твае хаты. 
Пайшлі яны. Прыйшлі. Мядзведзь стаў на парозе зайкавай хаткі і крычыць на лісічку: — Нашто адабрала ў зайкі хату? Злазь, ліса, з печы, а то скіну, паб'ю табе плечы. 
Не спалохалася лісічка, адказвае мядзведзю:
— Ой, мядзведзь, сцеражыся: мой хвост, як дубец, — як дам, дык будзе табе канец! Спалохаўся мядзведзь — ды наўцёкі, і зайку аднаго пакінуў. Зноў пайшоў зайка са свайго двара, сеў пад бярозкаю ды горка плача. Аж бяжыць-ідзе праз лес пеўнік. Угледзеў зайчыка, падышоў і пытае: 
— Чаго, зайка, плачаш? — Дык як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы а лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты. Я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне з мае хаткі і сама там жыць засталася. Вось я сяджу ды плачу. — Не плач, зайка: я выганю лісу з твае хаткі. 
— Ой, Петрусёк, — плача зайка, — дзе табе яе выгнаць? Воўк гнаў — не выгнаў, мядзведзь гнаў — не выгнаў. 
— А вось жа я выганю. Пойдзем, — кажа пеўнік. 
Пайшлі. Увайшоў пеўнік у хатку, стаў на парозе кукарэкнуў, а потым як закрычьщь:
 - Я — пятух-чабятух, Я — пявун-лапатун, На кароткіх нагах, На высокіх пятах. Нясу касу на плячы, Хачу ліску засячы.
А лісічка ляжыць ды кажа: 
— Ой, певень, сцеражыся: мой хвост, як дубец, — як дам, дык будзе табе канец. Скочыў пеўнік з парога ў хату ды зноў крычыць:
 - Я — пятух-чабятух, Я — пявун-лапатун, На кароткіх нагах. На высокіх пятах. Нясу касу на плячы, Хачу ліску засячы.
I — скок на печ да ліскі. Дзюбануў лісіцу ў спіну. Як усхопіцца лісіца ды як пабяжыць вон з зайкавай хаткі, а зайка дзверы зачыніў за ёю. I застаўся ён жыць у сваёй хатцы разам з пеўнікам.

Для дзяцей 4 - 5 гадоў

Пшанічны каласок

Жылі на адным двары курачка Сакатушка, гусак Шыпун ды індык Балбатун.Курачка даглядала сваіх куранятак, грэблася на сметніку, шукала зярнятак. А гусак Шыпун і індык Балбатун толькі шпацыравалі ўзад і ўперад па двары, як важныя паны, ды заўсёды вялі між сабою спрэчкі аб тым, хто з іх важнейшы і разумнейшы.
— У мяне галава большая, — хваліўся гусак, — дык і розуму ў ёй больш!
Індык з гэтым не згаджаўся.
— Галава ў цябе вялікая, гэта праўда, ды дурная, як бот, — казаў ён.
— Ну, няхай сабе галава дурная, — адказваў гусак, — затое нос які ў мяне! Моцны, цвёрды, прыгожы. А ў цябе што за нос — смех адзін! Чарвяк, а не нос!
I гусак, і індык былі страшэнныя гультаі. Ежы шукаць сабе ленаваліся і таму часта галадалі. Каб не карміла іх сяды-тады гаспадыня, дык даўно б гультаёў і на свеце не было.
Аднаго разу знайшла курачка каля плота пшанічны каласок. Зарадавалася, засакатала на ўвесь двор:
— Ко-ко-ко! Глядзіце, які цудоўны каласок я знайшла! 
Пачулі пра тую навіну Шыпун і Балбатун.
— А ну, пакажы!
Курачка паказала ім каласок. Індык панюхаў каласок сваім носам-чарвяком.
— Так, так, — сказаў ён, — каласок і праўда цудоўны. Трэба яго змалаціць.
— Ага, ага, — згадзіўся і гусак. — Трэба змалаціць. Тады будуць зярняткі. А яны смачныя… Ага, ага!
— Добра, — сказала курачка. — А хто яго змалоціць?
— Толькі не я! — адказаў гусак. — Я тоўсты, мне цяжка цэпам махаць.
— Дык што ж, ты хочаш, каб я малаціў? — горача забалбатаў індык. — Я табе не парабак.
— Ну добра, — сказала курачка, — я сама змалачу.
Пайшла яна на ток, узяла цэп і змалаціла пшанічны каласок. Прынесла зярняткі і цешыцца:
— Глядзіце, якія цудоўныя зярняткі! Чырванаваценькія, пузаценькія! Яны, напэўна, смачнейшыя за ячменныя.
Падышлі да зярнятак і гусак з індыком.
— Так, так, — сказаў індык. — Цудоўныя зярняткі.
— Ага, ага, — пацвердзіў гусак. — Аж шкада дзяўбці.
— I не трэба дзяўбці. Іх трэба змалоць ды напячы булак, — падаў разумную параду індык.
— Ага, ага, — згадзіўся гусак. — Пшанічныя булкі мяккія, як мой пух. А смачныя якія!
— Добра, — сказала курачка. — А хто змеле пшанічныя зярняткі?
— Толькі не я, — буркнуў гусак. — Мне цяжка ў млын хадзіць.
— I не я! — усклікнуў індык. — З такой простай работаю і дурны гусак справіцца.
— Ну што ж, — сказала курачка, — калі так, то прыйдзецца мне самой ісці ў млын.
Усыпала яна зярняткі ў торбачку і панесла ў млын. Там змалола і прынесла муку дахаты.
— Ай, якая бялюткая мука! — засакатала курачка на ўвесь двор.
Індык панюхаў муку.
— Так, так, — сказаў ён, — добра пахне. Значыць, смачныя будуць булкі.
— Ага, ага, я ж казаў, што смачныя! — уставіў гусак.
— Ну, а хто спячэ з гэтай мукі булкі? — запыталася курачка.
Гусак пакруціў галавою: 
— Я не ўмею.
Індык адказаў:
— Я хоць і ўмею, ды не хачу. Няхай гусак пячэ.
— Ну, добра, — сказала курачка, — тады я сама спяку.
Знайшла яна пад паветкаю дзежачку і рашчыніла цеста. Потым накалола дроў і запаліла ў печы.
Калі цеста падышло, курачка нарабіла круглых прыгожых булак і пасадзіла іх на лапаце ў печ.
Булкі пачалі пячыся. I такі прыемны пах пайшоў ад іх па ўсім двары, што ў гусака і індыка аж слінкі пацяклі.
А трэба сказаць, што яны даўно нічога не елі і так выгаладаліся, што нават спрачацца перасталі, хто з іх важнейшы ды разумнейшы.
— Хадзем у хату, — сказаў індык, — відаць, булкі ўжо гатовыя.
— Ага, ага, — адказаў гусак. — Хадзем, браце, у хату.
Прыйшлі індык з гусаком у хату. А там курачка булкі з печы дастае. Мяккія, румяныя, пахучыя.
— Так, так, — весела загаварыў індык, — якраз у пару прыйшлі.
— Ага, ага, — заківаў галавою гусак і першы падаўся за стол. Індык за ім. Але курачка спыніла іх:
— Чакайце! Не спяшайцеся, панове! Перш чым садзіцца за стол, адкажыце на мае пытанні.
— Давай свае пытанні! — сярдзіта прашыпеў гусак. — Толькі хутчэй.
— Але, толькі хутчэй, — шпарка забалбатаў і індык. — А то дужа есці хочацца…
— Дык слухайце. Хто пшанічны каласок знайшоў?
— Ты, курачка, вядома, ты знайшла, — адказалі індык і гусак у адзін голас.
— Хто змалаціў каласок?
— Ты, курачка, змалаціла.
— Хто зярняткі ў млын насіў?
— Ты насіла…
— А хто дровы сек, у печы паліў, пшанічныя булкі пёк?
Пераглянуліся паміж сабою індык з гусаком і адказалі:
— Ты, вядома… За гэта табе і слава.
— Дык вось, — сказала курачка Сакатушка, — каму слава, таму і булкі. А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль! Ко-ко-ко! Дзеткі, бяжыце сюды хутчэй.
Пазбягаліся з двара кураняткі і пачалі з курачкай частавацца свежымі пшанічнымі булкамі.А галодныя гультаі індык і гусак зноў заспрачаліся, хто з іх важнейшы ды разумнейшы.

Для дзяцей 5 -6 гадоў

Жаронцы

Жылі дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі не было — толькі пеўнік і жаронцы. Дзіўныя гэта былі жаронцы: паложыць у іх дзед адно зярнятка, пакруціць раз-другі, і цэлая кадушка мукі намелецца. Добра жылі дзед з бабай самі і пеўніка не крыўдзілі. Дачуўся пра дзіўныя жаронцы пан. Парашыў ён украсці іх. Прыехаў адвячоркам да дзеда і просіцца пераначаваць. «На паляванні, — кажа, — быў: далёка дадому ехаць, а тут ноч надыходзіць». 
— Начуй сабе, я — кажа дзед, — месца хопіць.
Уночы, як дзед і баба заснулі, пан украў жаронцы ды паехаў. Моцна затужылі дзед з бабай па жаронцах. Сядзяць яны галодныя ды плачуць. Пеўнік слухаў, слухаў іх, а потым і кажа:
— Не плачце, а вярну вам жаронцы! 
— Дзе табе вярнуць іх! — кажуць дзед і баба.
— Пан цябе і на парог не пусціць.
— Нічога, — падхрабрыўся пеўнік, — вярну. Хоць сам загіну, а жаронцы вярну. Развітаўся ён з дзедам і бабай ды паляцеў у панскі двор. Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму каршун. 
— Куды, певень, ляціш? — пытаецца.
— У двор да пана.
— Чаго? 
— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Я лячу іх сыскаць. 
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Лезь у валляк!

Каршун улез пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць шырокаю, а насустрач яму лісіца: 
— Куды, певень, ляціш?
— У двор да пана. 
— Чаго? 
— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу іх сыскаць.
— Вазьмі і мяне з сабою. 
— Лезь у валляк. 
Лісіца ўлезла пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць шырокаю, а насустрач яму барсук: 
— Куды, певень, ляціш? 
— У двор да пана.
— Чаго?
— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу іх сыскаць. 
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Лезь у валляк. 
Барсук улез пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць шырокаю, а насустрач яму воўк: 
— Куды, певень, ляціш?
— У двор да Пана.
— Чаго?
— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу іх сыскаць.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Лезь у валляк! 
Ляцеў, ляцеў пеўнік і прыляцеў у двор да пана. А ў пана ў гэты час былі госці — пілі, гулялі. Вокны і дзверы насцеж парасчынялі. Узляцеў пеўнік на падаконне, залопаў крыламі ды заспяваў на ўвесь голас:
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку! Ён у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Я прыляцеў жаронцы сыскаць. Аддавай, пан, ясаронцы.
Пану стала брыдка перад гасцямі, што пеўнік яго злодзеем абзывае. Вось ён і кажа:
— Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, укіньце ў куратнік: няхай яго куры задзяўбуць! Схапілі слугі пеўніка, укінулі ў куратнік, а самі пайшлі. Тут пеўнік і кажа: 
— Каршун, каршун, вылазь з валляка, падушы курэй. 
Выскачыў каршун а валляка, перадушыў усіх курэй ды паляцеў у лес. Пеўнік зноў прыляцеў на падаконне:
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку! Ён у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў...
— Ах, — кажа пан, — дык яго куры не задзяўблі? Добра ж! Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, завясіце ў гусятнік, няхай яго гусі зашчыплюць! 
Схапілі слугі пеўніка і ўкінулі ў гусятнік. Пеўнік ачухаўся ды кажа: 
— Лісічка, лісічка, вылазь з валляка, падушы гусей. 
Лісіца так і зрабіла, а сама ў лес пабегла. Паляцеў пеўнік на падаконне ды зноў свае спявае:
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку!..
— Ах, — кажа пан. — дык яго і гусі не зашчыпалі? Добра ж! Слугі, слугі, нясіце яго ў свінарнік: няхай яго свінні загрызуць. 
Занеслі слугі пеўніка ў свінарнік. А там пеўнік кажа: 
—Барсук, барсук, вылазь з валляка, пагрызі свіней.
Барсук так і зрабіў, а сам пабег у лес. Прыляцеў пеўнік на падаконне. «Ку-ка-рэ-ку!..»
— Ах, — кажа пан, пачуўшы пеўнікаў голас, — дык яго і свінні не загрыз лі?.. Слугі, слугі, укіньце яго ў стайню: няхай яго коні затопчуць.
У стайні пеўнік кажа: — Воўк, воўк, вылазь з валляка, парэж коней. 
Воўк выскачыў, парэзаў усіх коней і ходу ў лес. Прыляцеў пеўнік на падаконне:
— Ку-ка-рэ-ку!.. 
Пан аж за галаву хапіўся: што ж рабіць? Потым кажа:
— Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, занясіце кухару, няхай ён яго засмажыць. Слугі так і зрабілі. Кухар засмажыў пеўніка і прынёс на талерцы пану. Пан схапіў яго ды і праглынуў са злосці усяго адразу. А пеўнік ажыў у панскім жываце, вытыркнуў дзюбу праз правае вуха ды заспяваў: 
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку!..
Пан закрычаў: — Слугі, слугі, хапайце сякеры, сячыце гэтага нягодніка! Схапілі слугі сякеры, як секанулі, дык і адсеклі пану правае вуха... А пеўнік пералез у левае вуха ды зноў заспяваў. 
— Слугі, слугі, — крычыць пан, — сячыце яго! 
Секанулі слугі, ды не па пеўніку, і адсеклі пану левае вуха. Застаўся пан без вушэй. Тады пеўнік высунуўся праз рот. 
— Слугі, слугі, — крычыць пан, разявіўшы рот, — сячыце, сячыце яго!
Секанулі слугі, ды не па пеўніку, а па языку, — адсеклі пану язык. А пеўнік выскачыў, паляцеў на падаконне, сеў і спявае. Бачыць пан — няма рады: усю яго жывёлу пеўнік перадушыў, ды і самога скалечыў. Вынес ён жаронцы з пакояў і аддаў іх пеўніку. Пеўнік схапіў адзін камень пад адно крыло, другі — пад другое і паляцеў дахаты. Зарадаваліся дзед з бабай жаронцам, пачалі, ў іх муку малоць. З мукі хлеб пякуць, самі ядуць і пеўніку даюць.

Ад крадзенага не пасыцееш

Былі ў аднаго чалавека два сыны. Як выраслі яны, бацька сказаў:
— Пара, сыны, за сталую работу брацца. Хто з вас чым хоча заняцца?
Маўчаць сыны — не ведаюць, якую сабе работу выбраць.
— Ну, дык пойдзем,— кажа бацька,— у свет, паходзім, паглядзім, што людзі робяць.
Сабраліся і пайшлі. Ідуць так памаленьку, сыны да ўсяго прыглядаюцца, думаюць, якую работу ім выбраць. Падышлі да адной вёскі. Бачаць — стаіць пры канцы вёскі кузня. Зайшлі яны ў кузню. Прывіталіся да каваля, пагаварылі. Старэйшы сын нават молат у рукі ўзяў — памог кавалю нарог выкаваць. I зноў далей рушылі. Падышлі да другой вёскі. Старэйшы сын паглядзеў туды-сюды: не відаць кузні ў гэтай вёсцы. Вось ён і кажа да бацькі:
— А чаму б і тут кузню не паставіць? Я мог бы за каваля застацца. Мне гэта работа падабаецца.
Бацька зарадаваўся: знайшоў, думае, большы сын сабе спосаб да жыцця!
— Добра,— кажа,— будзь кавалём у гэтай вёсцы.
Паставіў ён сыну кузню, той і пачаў кавальскаю справаю займацца. Людзі яго хваляць, і сам ён сваёю работаю задаволены.
А меншы сын, колькі ні ходзіць,— ніяк не можа работу па густу выбраць. Ідзе ён аднаго разу з бацькам каля лугу. Бачыць — пасецца на лузе вол. А вёска далекавата, і пастуха не відаць.
— Ці не пачаць мне, бацька, валоў красці? — кажа сын.— Работа гэта лёгкая, і кожны дзень з мясам буду. Растаўсцею і сам, як вол.
— Крадзь,— кажа бацька.— На тое ж я цябе і ваджу, каб ты сабе які сталы занятак выбраў.
Заняў сын вала і пагнаў дахаты. А бацька кажа:
— Пачакай мяне пры лесе — мне трэба яшчэ ў гэтую вёску заглянуць: там адзін мой знаёмы жыве...
Гоніць сын вала ды ўсё азіраецца, як воўк, ці не бяжыць хто за ім. Пакуль да лесу дагнаў, дык добра такі перадрыжаў. Аж млосна ад страху зрабілася. Пачакаў ён на ўзлеску, пакуль бацька вярнуўся, і пагналі разам вала дахаты. Зарэзалі дома вала, знялі шкуру ды пачалі варыць свежаніну. Наварылі, бацька кажа сыну:
— Вось што, сынку, давай знімем меркі і паглядзім, хто з нас ад гэтага вала пасыцее.
Узяў ён шнурок, змераў шыю сабе і сыну і завязаў вузельчыкі. Селі за стол. Бацька есць спакойна, а сын усё на дзверы паглядае: ці не ідзе хто вала шукаць? Забрэша сабака, пройдзе ці праедзе хто — сын за мяса ды ў каморку хаваецца... А ў самога рукі і ногі дрыжаць. I пайшло так дзень за днём.З'елі нарэшце таго вала. Бацька кажа сыну:
— А цяпер давай шыі мераць: хто з нас пасыцеў?
Памералі, дык у бацькі шыя ўдвая патаўсцела, а ў сына ўдвая патанчэла. Дзівіцца сын:
— Чаму гэта так?
— Бо ты еў крадзенага вала,— кажа бацька.
— Дык жа і ты крадзенага еў!
— Не, я заплаціў за вала гаспадару і еў, як свайго. Таму я і пасыцеў. А ты як сядзеш за стол, дык страх адразу на шыю скок і душыць! Праз гэта яна і худзее. Ад крадзенага, брат, не пасыцееш!

Паважаныя бацькі!
Мы ўпэўнены, што для вас будзе цікава даведацца пра беларускія традыцыі і абрады.

Навошта ў хаце парог?

«Ад парога хату не мятуць», — вучыць народная мудрасць. Здавалася б, ці так важна, як месці хату. Галоўнае ж, каб было чыста. Так, але парог, як і печ, — месца ў хаце незвычайнае, з ім звязана мноства народных звычаяў, абрадаў і прыкмет. Парог асэнсоўваўся людзьмі як сваеасаблівая мяжа, што аддзяляе чалавечае жытло ад прасторы «за парогам» — неасвоенай, нежылой і, значыць, варожай для чалавека...

Парог, акрамя таго, лічыўся ў народзе месцам, дзе жывуць душы продкаў, якія могуць уплываць на людзей, на іх здароўе, заможнасць, узаемаадносіны з іншымі людзьмі. З гэтым вераваннем звязаны розныя звычаі, якія дайшлі да нас з часоў сівой даўніны.

Найбольш вядомы з іх — рытуальнае сядзенне перад парогам напярэдадні паездкі, падарожжа. Звычай «прысесці на дарогу» добра вядомы, але не ўсе, напэўна, ведаюць яго сэнс, сімволіку. Змест, «логіка» гэтага звычаю — звяртанне ў думках да душ продкаў з просьбай аб дапамозе ў дарозе ці ў падарожжы. Вось чаму абавязковым элементам гэтага звычаю з'яўляецца рытуальнае маўчанне, якое абазначае сімвалічнае далучэнне да свету продкаў-нябожчыкаў. Менавіта ў гэтыя кароткія імгненні ўнутранай засяроджанасці і звяртання да памяці продкаў наладжвалася духоўная сувязь жывых людзей з продкамі — добрымі абаронцамі і дарадчыкамі.

Вядомая прыкмета-забарона: нельга вітацца праз парог, бо гэта можа прывесці да спрэчкі, непаразумення ці нават варожасці паміж людзьмі. У аснове такіх уяўленняў таксама ляжыць разуменне парога як месца знаходжання душ продкаў. Зразумела, што ў такім выпадку чалавек, які знаходзіцца на другім баку парога, успрымаецца душамі продкаў як магчымы непрыяцель, вораг.

З такімі ўяўленнямі пра парог звязаны і вясельны звычай, згодна з якім малады ўносіць на руках у сваю хату жонку. Пераступаючы з ёю парог, ён тым самым сімвалічна аберагаў маладую ад магчымых адмоўных да яе адносін продкаў, якім яна магла і не спадабацца як новы чалавек. Малады гэтым дзеяннем падкрэсліваў сваю еднасць з жонкай, прасіў сваіх продкаў адносіцца да яе гэтак жа, як і да яго.

Існуюць і звязаныя з парогам прыкметы. Лічыцца, напрыклад, што чалавека, які ўваходзіць у хату, чакае непрыемнасць, калі ён спаткнецца аб парог. Калі ж хто-небудзь спатыкаецца аб парог, выходзячы, — то быў знак, што гэты чалавек сюды хутка вернецца. А вось садзіцца на парог або станавіцца на яго народная этыка не дазваляе.

Асабліва асцерагаюцца гэтага хлопцы і дзяўчаты, інакш іх чакае адзінота. Забаранялася садзіцца на парог і цяжарным жанчынам, інакш дзіця народзіцца з дрэннай памяццю. Каб пазбегнуць у будучай сям'і сварак, маладыя пры ўваходзе ў царкву для вянчання стараліся не наступіць на царкоўны парог.

Яшчэ адзін паэтычны звычай. Калі нявеста абходзіла з паклонамі ўсіх, хто прысутнічаў пры яе развітанні з бацькоўскім гняздом, яна кланялася асобна кожнай частцы хаты і, нарэшце, кланялася да зямлі парогу, гаворачы пры гэтым: «Парогу, парогу! Я па табе хадзіла, ножкамі таптала — прабач мне, я больш не буду!»

Вельмі часта выкарыстоўваўся парог як рытуальнае месца ў народнай медыцыне. Напрыклад, каб ніхто не сурочыў дзяцей, іх купалі на парозе, прычым ваду на іх лілі праз рэшата. Дзіцячы перапуд лячылі перасяканнем на парозе 12 дубчыкаў ад старога веніка. Дзяцей, якія хварэлі астматычнай задышкай, клалі каля парога, накрывалі кажухом і пераганялі праз парог некалькі авечак. Лічылася, што авечкі, пераступаючы парог і хворае дзіця, забіраюць з сабой і хваробу.

Пры ткацтве жанчыны вельмі асцерагаліся. каб іх тканіну хто-небудзь не сурочыў. Для гэтага аснову, на якой ткалі, абсыпалі пылам, які збіралі на парозе.

Да «парогавай» магіі звярталіся дзяўчаты, каб закахаць у сябе ўпадабанага хлопца. Для гэтага рабілі наступнае: з новага веніка бралі дубец, які клалі каля парога таго, каго хацелі «прысушыць». Неабходна было, каб хлопец пераступіў праз парог, а значыць і праз дубец.

Пасля гэтага неслі дубец у лазню, кідалі яго на палокі прыгаворвалі: «Як сохне гэты дубец, няхай так сохне па мне раб Божы (імя)».

Значнасць парога ў жыцці людзей адлюстравалася ў шматлікіх прыказках і прымаўках: «Не стаўшы ў парозе, не будзеш сядзець на покуці», «Ты яго лаеш, а ў парозеяго стаіш», «Беднаму Бог залоціць парог», «Без Бога ні да парога»...

Паводле У. Каваля

"Печ, печ, памажы!"

  Есць такі выраз: танцаваць ад печы.    Пачнём і мы нашу размову з печы.

  Печ займае ў сялянскай хаце важнае і пачэснае месца. Яе роля не толькі ў практычным прызначэнні (печ абагравае хату, у ёй вараць ежу, на ёй спяць, адпачываюць, лечацца). Зпеччу звязана шмат вераванняў і ўяўленняў.

Асаблівая павага да печы, адносіны да яе як да жывой істоты падкрэсліваюцца забаронай ужываць «у яе прысутнасці» грубыя або непрыстойныя словы: «Няможна гэтак казаць, бо печ у хаце», «Сказаўбы, ды печ у хаце».

Печ была своеасаблівым цэнтрам хаты, увасабленнем старажытнага агменю (ачага), без якога немагчыма ўявіць сабе чалавечае жыццё. Невыпадкова менавіта печ (а дакладней— падпечак) лічылася месцам знаходжання добрага духа—дамавіка, галоўныя «абавязкі» якога— клопат пра дабрабыт сям'і. Дамавіка атаясамлівалі з кутнім слупам печы, які называлі звычайна дзедам.

У тых выпадках, калі неабходна было здабыць «жывы агонь», яго атрымлівалі вярчэннем верацяна ў якой-небудзь шчыліне пячнога дзеда. Як бачым, печ уяўлялася сімвалам дзядоў — продкаў, якія «дораць» агонь, а з ім — жыццё. Цікава, што ў некаторых месцах Беларусі дзедам называюць прыстасаванне, у якое ўтыкаецца лучына для асвятлення хаты.

Беларусам быў вядомы такі звычай: кума, перш чым перадаць маці ахрышчанае дзіця, пасля вяртання з царквы абносіла яго тройчы вакол слупа печы, «каб дзіця любіла хату і трымалася яе».

Вясной, у дзень першага выгану жывёлы ў поле, гаспадыні кармілі кароў на пячной засланцы, прыгаворваючы: «Як гэтая засланка кожную ноч стаіць на сваім месцы, так бы і наша кароўка стаяла кожную ноч на сваім двары».

З гэтай жа мэтай кармілі на засланцы і купленнуюкарову, якую прыводзілі на панадворак.

Печ успрымалі і як надзейную заступніцу ад хваробы або смерці. Існавала такая парада: пры ўваходзе ў хату, у якой ляжыць хворы, трэба спачатку паглядзець на печ, каб не прыстала хвароба. Пасля вяртання з могілак удзельнікі пахавальнай працэсіі перш за ўсё выконвалі абрад ачышчэння агнём: адчынялі ў печы засланку і па чарзе грэлі рукі, «каб смерць праз комін пайшла».

У народнай медыцыне беларусаў быў вядомы прыём сімвалічнага «запякання» слабых, хворых дзяцей у печы. Дзіця закутвалі ў коўдру і трымалі некалькі хвілін у цечы адразу пасля таго, як скончаць паліць. Лічылася, што пасля такога «запякання» дзіця набывае сілу і здароўе.

Асабліва выразнай была шлюбная сімволіка, бо печ асэнсоўвалася як «жаночае» месца ў хаце. Сваты, збіраючыся ісці сватаць дзяўчыну, дакраналіся да печы ў сваім доме, «каб быў лад». Прыйшоўшы ў хату будучай нявесты, яны перш за ўсё набліжаліся да печы і ціхенька звярталіся да яе: «Печ, печ, памажы!» Пасля віталіся з гаспадарамі: садзіліся на лаву і пачыналі гаворку.

Пашана да печы як да месца знаходжання душ продкаў адлюстравана і ў беларускім звычаі, згодна з якім бацькі, пачуўшы прапанову свацці, раяцца паміж сабою, адышоўшы да печы. На Украіне ў час сватання нязеста, выказваючы сваю згоду выйсці за таго, хто да яе сватаецца, моўчкі садзілася на печ і калупала пальцамі гліну.

У некаторых вёсках Гомельшчыны і цяпер існуестарадаўні звычай: маладая на другі дзень пасля вяселля беліць печ у хаце маладога. Гэтым яна імкнецца«задобрыць» печ, наладзіць адносіны з ёю, а значыць — з новай сям'ёй.

Апошнім часам мы ўсё часцей звяртаемсядасваёй духоўнай спадчыны, імкнёмся зразумець светаўспрыманне, мары і надзеі нашых продкаў. Важнай рысай,якая вызначала светапогляд людзей мінулага, былоадухаўленнеўсяго таго, што знаходзілася побач з чалавекам.

У. Коваль

Свой дварочак, як вяночак

Вы заўважылі, напэўна, як наш сучаснік губляецца ў нейкія моманты свайго жыцця — уступлення ў шлюб, нараджэння дзіцяці, провадаў у войска, засялення ў новую кватэру. Так і хочацца, каб нехта мудры падказаў, як і дзе ступіць, што сказаць.

А нашым продкам было значна прасцей: на кожны выпадак існавала ў беларусаў цэласная асэнсаваная сістэма звычаяў і абрадаў. Звычаі і абрады не былі самамэтай ці гульнёй. Яны былі арганічнай часткай духоўнай культуры. Больш таго, продкі разумелі, што лад у сям'і залежыць ад умення ўлічыць шматлікія з'явы ў навакольным свеце, аж да драбнейшых змен надвор'я.

Яшчэ беларусы верылі ў разнастайных духаў — дамавых, палявых, лясных і іншых. Усё багацце прыкмет, павер'яў, звычаяў, абрадавых дзеянняў улічваў кожны селянін, які збіраўся для сябе пабудаваць новую хату.

Будаўніцтва пачыналася з выбару месца і адпаведных матэрыялаў. Гэта ж колькі ўсяго трэба было ведаць і прадбачыць!

Мяркуйце самі. Дрэва на будоўлю, лічылася, лепш за ўсё ссякаць тады, калі месяц знаходзіцца ў сваёй апошняй квадры («ветаху»), тады яно будзе трывалае. А ссечанае ў маладзік нядоўга паслужыць, спілаванае паміж квадрамі месяца сточыць шашаль.

Людзі меркавалі: нельга на пабудову браць вывернутае непагодаю дрэва, бо яго чорт для сябе вывернуў і разам з дрзвам можа перасяліцца ў новую хату. Таксама нельга было ўжываць тое дрэва, што завісала на другім, бо хутка такі будынак згарыць. Вопытны селянін ніколі не браў для будаўніцтва рыплівага дрэва, бо ў збудаванай з яго хаце людзі могуць часта паміраць ці заходзіцца ад кашлю. Не падыходзіла для гэтай мэты і дрэва, што, ссечанае, павалілася на поўнач: у хаце памрэ чалавек, а ў хляве —жывёла. Самымі спрыяльнымі месяцамі для нарыхтоўкі драўніны лічыліся сакавік і красавік, таму што веснавы сок рабіў дрэва мацнейшым.

Вельмі важна было правільна нарыхтаваць мох: гаспадар мусіў пайсці ў панядзелак у лес, наскубці вялікую жменю моху і пакласці на чыстай зямлі. Тое ж самае — у аўторак, сераду і г. д. Падышоўшы ж у нядзелю да тых кучак і падняўшы кожную,глядзеў, пад якою з іх не было мошак, чарвякоў. Толькі ў той дзеньтыдня, калі была нарваная гэтая кучка, можна было рыхтаваць мох для будаўніцтва. Значыць, спадзяваліся, што ў хаце не завя-дуцца казюркі…

Паводле народных уяўленняў, на падмурак нельга было браць каменне з могілак, бо ўвесь час будуць непрыемнасці. Пільнавалі, каб на будоўлю не трапіла дрэва з«ваўком», г. зн. з чорнай сарцавінай, —інакш сям'ю зноў будуць даймаць хваробы і няшчасці.

На Беларусі існавала шмат спосабаў, магічных прыёмаў, якімі карысталіся сяляне пры выбары месца пад хату. Так, аблюбаваўшы нейкую мясціну, ставілі на тым месцы чыгунок з павуком: калі за ноч ён пачынаў «ткаць кросны»,толічылася, што месца пад хату выбрана добрае.

Шырока бытавала і такое павер'е: калі ў посудзе з мёдам, пакінутым на абраным месцы ў выкапанай ямцы на ноч, пад раніцу з'яўляліся мурашы, месца лічылася ўдалым.

У народным штодзённым жыцці шырока бытавала перакананне, што нельга будавацца на спрэчнай дзялянцы зямлі, бо будуць накліканы праклёны таго, хто спрачаўся і прайграў. Ніколі не ставілі хату там,дзе былі знойдзены чалавечыя косткі, а таксама там,дзе хто-небудзь пасек сякерай нагу ці руку, парэзаўся сярпом, касой, нажом.

Нарэшце, падрыхтоўчыя работы скончаны,за працу браліся цесляры. На тэрыторыі Беларусі шырока бытаваў звычай пры заснаванні хаты класці пад вугал манеты,кавалкі хлеба ці сыру, часам галаву пеўня, штобылоахвяраваннем дамавому.

Калі клалі першы вянец, то назіралі, куды паляціць першая трэска: трапіць у сярэдзіну чатырохвугольніка, значыць, будуць прыбыткі ў доме…

Быў звычай пад усе чатыры вуглы класці кавалачак ладану, пасвячоныя зёлкі ці хвойныя галіны, каб засцерагчы дом ад перуноў. Бытавала ўяўленне, што перуны праследуюць нячысцікаў, якія, вядома ж, не стануць хавацца там, дзе ляжыць што-небудзь свянцонае.

Шмат павер'яў было звязана з апошнім вянцом. Так, пры завяршэнні будаўніцтва гаспадар перакладваў праз апошні вянец асвечанае яйка, якое адразу ж закопвалі на месцы падзення, каб вецер не здзіраў страху. Пасля таго як на гарышчы быў высланы мох, па ім сеялі авёс і прысыпалі пяском. Авёс узыходзіў і паступова засыхаў, тым самым забяспечваючы багацце ў хаце.

Паводле Т.Кухаронак

Уваходзіны

 Дом збудаваны, наступіў час перасялення.   Звычайна першым ішоў гаспадар з   гаршком, у якім быў жар з вуголлем. За ім хатнія неслі маёмасць. Гаспадар абносіў гаршчок уздоўж сцен, спыняючыся на імгненне ў кожным куце, ставіў гаршчок на прыпечак і адразу запальваў у печы. А напярэдадні ў новы дом праз акно запускалі пеўня ці курыцу. Калі певёнь спяваў, гэта лічылася добрым знакам, калі не — дрэнным.

Пры ўваходзінах (улазінах, уходзінах, вясёлках) трэба было памазаць мёдам усе чатыры куты, каб жыццё было салодкае. Пераход у новы дом прымяркоўваўся да поўні.

Было прынята ўкрасці ў суседзяў качаргу і прынесці яе ў новы дом. Але перш за ўсё абавязкова заносілі абраз і стол. У асобных раёнах Беларусі сустракаўся і такі звычай: пры ўваходзінах праз адчыненыя дзверы кідалі клубок нітак. Трымаючыся за нітку, члены сям'і па старшынству ўваходзілі ў хату.

Першымі ў новую хату патрэбныя рэчы заносілі звычайна гаспадар ці гаспадыня. Але, калі яны былі бяздзетныя, па іх даручэнні гэта рабілі іншыя родзічы, што мелі дзяцей, або нават староннія людзі: перавагааддавалася цяжарнай жанчыне.

Сярод беларусаў існавала такаяпрыкмета: хто ў дзяцінстве разбураў птушыныя гнёзды, той за жыццё зменіць столькі сяліб, колькі гнёздаў разбурыў. Лічылася, што пакідаючы старое жыллё, нельга быловымятаць смецце, бо той,хто ўгэтую хату ўселіцца, не будзе мець шчасця.

Стол і печ былі ўвасабленнем хатняй святыні. Пры закладванні печы часта збіралі талаку, запрашаючы пераважна моладзь. Маладыя талакоўцы працавалі з песнямі і жартамі. У канцы работы гаспадар частаваў памагатых. Заснаванне печы, як і будаўніцтва хаты, прымяркоўвалі да поўні: у гэтым выпадку лічылася, што печ будзе добра трымаць цяпло. Калі першы раз палілі ў печы, у яе трэба было ўсыпаць 9 жменяў зерня, ад чаго сценкі печы пакрываліся слоем глянцу, да якога пазней не прыставала сажа.

У дзень перасялення ў новую хату гаспадары запрашалі гасцей, а таксама святара, каб асвяціць новае жыллё. Госці прыносілі падарункі. Увайшоўшы ў дом, госць кідаў грошы на печ, хлеб і соль клаў на стол, зерне — на лаўку. Усё гэта гаспадар новага дома клаў у клець. Жанчыны прыносілі воўну, посцілкі, абрусы, муку, розныя крупы, яйкі, сала. Гэтыя падарункі прымала гаспадыня.

Трэба адзначыць, што на ўваходзінах не было спецыяльных абрадавых песень, гульняў. Бяседу вёў найбольш дасціпны івясёлы з гасцей.

Мужчыны давалі часта разнастайныя «парады» гаспадарам. Часам падкладвалі пад сяннік якую-небудзь жалезную рэч, каб у сям'і нарадзіўся сын.

Агульнапрынятым на Беларусі было імкненне як мага лепш пачаставаць гасцей, бо верылі, што ў гэтым выпадку ў новай хаце сям'я будзе жыць заможна.

У традыцыйнай абраднасці нічога не было выпадковым, непатрэбным, усё падпарадкоўвалася пэўнай мэце і адпавядала пэўным прынцыпам, маральным нормам, светаўспрыманню.

Мабыць, пра саміх сябе, пра сувязь чалавека з прыродай, з сусветам, космасам нашы не такія ўжо далёкія продкі ведалі значна больш, чым мы. Напэўна, і мы з цягам часу зможам зразумець шмат з таго, што здаецца сёння неразумным і нават недарэчным, і тым самым пазнаем сябе, сваю душу, псіхалогію, слынны беларускі нацыянальны характар.

А некаторыя з пералічаных звычаяў маглі б упрыгожыць сучасныя ўваходзіны, зрабіць іх шчырым, вясёлым, а галоўнае — адметным святам, каб гаспадарам і гасцям успаміналася не толькі колькасць выпітага і з'едзенага, а нешта большае, нейкі вобраз, рысачка, звязаная з родным домам, якія будуць саграваць і падтрымліваць у цяжкую хвіліну жыцця.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.