дапамога прыйдзе
Нядаўна ў раёне стартавала адукацыйная праграма, мэта якой – пазнаёміць максімальную колькасць людзей з правіламі аказання першай дапамогі пры надзвычайных сітуацыях.
Дапамога прыйдзе
Што рабіць выпадковаму прахожаму, калі ён стаў сведкам аварыі, пажару або іншага няшчаснага здарэння? Пытанне зусім не рытарычнае. Ратавальнікі іп медыкі могуць пералічыць шмат выпадкаў, калі людзі прыходзілі на дапамогу пацярпелым, дзейнічалі правільна. Аднак нярэдка яны не ведаюць што рабіць у такой сітуацыі…
Нядаўна ў раёне стартавала адукацыйная праграма, мэта якой – пазнаёміць максімальную колькасць людзей з правіламі аказання першай дапамогі пры надзвычайных сітуацыях. Праграма ўключае тэарэтычныя і практычныя заняткі.
Першая група — паўтара дзясятка старшакласнікаў. Заняткі прайшлі на базе пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Мінскага абласнога ўпраўлення МНС. Юнакі і дзяўчаты мелі магчымасць патушыць палаючы аўтамабіль, навучыцца рабіць штучнае дыханне і штучны массаж сэрдца, вызначаць пульс…
Вопытныя інструктары расказалі і паказалі, як дзейнічаць да прыезду ратавальнікаў пры хімічнай аварыі, калі чалавек тоне або праваліўся пад лёд, атруціўся, страціў прытомнасць, заблудзіўся ў лесе...
— Распачатыя ў раёне трэнінгі накіраваны на недапушчэнне гібелі людзей пры надзвычайных сітуацыях, — адзначыў начальнік ГРАНС Вячаслаў Грынь. – Мы імкнёмся ахапіць вялікую колькасць людзей на занятках, спалучаем тэарэтычныя і практычныя веды. Трэнінгі будуць праводзіцца з вучнямі старэйшых класаў, членамі добраахвотных пажарных дружын, прадстаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый. Галоўнае, каб людзі не былі абыякавымі да чужой бяды, заўсёды прыходзілі на дапамогу іншым і ўмелі гэту дапамогу аказаць.